VGA

VGA (англ.: Video Graphics Array) — стандарт манітораў і відэаадаптараў. Выпушчаны IBM у 1987 годзе для камп'ютараў PS/2 Model 50 і больш старых[1]. VGA з'яўляўся апошнім стандартам, якому падпарадкоўвалася большасць вытворцаў відэаадаптараў.

Відэаадаптар VGA, у адрозненні ад папярэдніх відэаадаптараў IBM (MDA, CGA, EGA), ужывае аналагавы сігнал для перадачы колернай інфармацыі. Пераход на аналагавы сігнал быў выкліканы неабходнасцю скарачэння колькасці дратоў у кабелі. Таксама аналагавы сігнал даваў магчымасці выкарыстоўваць VGA-маніторы з наступнымі відэаадаптарамі, якія могуць выводзіць большую колькасць колераў[2].

Афіцыйным паслядоўнікам VGA стаў стандарт IBM XGA, фактычна ж ён быў замешчаны рознымі пашырэннямі да VGA, вядомымі як «Super VGA» (SVGA).

Тэрмін VGA таксама часта ўжываецца для пазначэння разрознення 640×480 незалежна ад апаратнага забеспячэння для вываду выявы, хоць гэта не зусім верна (так, рэжымы 640×480 з 16-, 24- і 32-бітнай глыбінёй колеру не падтрымліваюцца адаптарамі VGA, але могуць быць сфарміраваны на маніторы, прызначаным для работы з адаптарам VGA, з дапамогай SVGA-адаптараў). Таксама гэты тэрмін ужываецца для пазначэння 15-кантактнага раздыму VGA для перадачы аналагавых відэасігналаў у розных разрозненнях.

  1. Wilton, Richard. IBM Video Hardware and Firmware // Programmer's Guide to PC and Ps/2 Video Systems. — Microsoft Press, 1987. — С. 544. — ISBN 1-55615-103-9.
  2. Thompson, Stephen. VGA-sign choices for a new video subsystem (англ.). IBM Systems Journal (25 ліпеня 1988). Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 15 снежня 2006.

© MMXXIII Rich X Search. We shall prevail. All rights reserved. Rich X Search